ЧАРКА́СКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана ў цэнтр. ч. Украіны. Утворана 7.1.1954. Пл. 20,9 тыс. км². Нас. 1431 тыс. чал. (2001), гарадскога 52%. Цэнтр — г. Чаркасы. Найб. гарады: Умань, Смела, Канеў, Корсунь-Шаўчэнкаўскі.

Паверхня пераважна раўнінная. Большая ч. вобласці на правабярэжжы р.

Дняпро ў межах Прыдняпроўскага ўзв. (выш. да 266 м), левабярэжная частка — у межах Прыдняпроўскай нізіны (выш. 90—170 м). Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, гаручыя сланцы, бентанітавыя гліны, граніты, гнейсы, пяскі; крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -5,9 °C, ліп. 19,5 °C. Ападкаў 450—520 мм за год. Гал. рака Дняпро з прытокамі Рось, Альшанка, Цясмін, Супой; Горны і Гнілы Цікач (бас. р. Паўд. Буг). У межах вобласці часткі Крамянчугскага і Канеўскага вадасховішчаў. Шмат азёр. Глебы — пераважна ападзоленыя і сярэднягумусныя чарназёмы, на ўзвышаных участках — шэрыя ападзоленыя, на Левабярэжжы — тыповыя чарназёмы. Пад лесам (хвоя, дуб, граб, клён, бяроза, ліпа) і лесапалосамі каля 7% тэр. Канеўскі запаведнік.

Гал. галіны прам-сці: харч. (цукр., мясная, малочная і масласыраробная, алейная, кансервавая, рыбная), камбікормавая, машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для харч., тэкст., хім. прам-сці, гандлю, жывёлагадоўлі, вежавыя краны, трактарныя прычэпы, металарэзныя станкі, радыёпрылады, медтэхніка), лёгкая (швейная, тэкст., трыкат., галантарэйная), хім. (штучнае валакно, мінер. ўгнаенні, рэактывы, пластмасы), дрэваапр., у т. л. мэблевая. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча бурага вугалю, торфу. Вытв-сць электраэнергіі на Крамянчугскай і Канеўскай ГЭС, Чаркаскай ЦЭЦ. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых культур, цукр. буракоў і мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пад с.-г. ўгоддзямі 1460 тыс. га, пасяўная пл. 1232 тыс. га (2000). Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, жыта, зернебабовыя), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік) і кармавых культур. Бульбаводства, агародніцтва. Садоўніцтва (яблыкі, грушы, абрыкосы, слівы, вішні, чарэшні). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, птушак. Трусагадоўля. Пчалярства. Рыбаводства. Даўж. чыгунак 651 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 6 тыс. км. Гал. чыгункі Кіеў—Днепрапятроўск, Масква—Адэса, Данецк—Львоў; аўтадарогі Кіеў—Умань—Адэса, Кіеў—Днепрапятроўск, Чаркасы—Мікалаеў. Суднаходства па Дняпры. Газаправод Урэнгой—Памары—Ужгарад і інш. Курорт Сасноўка.

т. 17, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)